РЭ́ЧЫЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з г. Рэчыца Гомельскай вобл. Промысел вядомы з даўніх часоў (выраблялі чорназадымлены і паліваны посуд). У 1930-я г. на базе саматужных ганчарных промыслаў створаны прамкамбінат, які вырабляў сталовы і гасп. посуд шырокага асартыменту (гаршкі, збаны, макотры, слаі, міскі, гладышы, глякі, вазы, талеркі, спарышы-дваякі, -траякі і інш.), дэкар. пластыку, цацкі. Посуд вызначаўся простымі формамі, чырвоным колерам, рознымі памерамі («варэйка» — 10 л, «стаўбун» — 8 л, «абеднік» — 3—4 л, «падабеднік» — да 2 л, «малочнік» — 0,5 л і інш.). Некат. вырабы арнаментавалі выцісканнем, малюнкам у выглядзе гронак вінаграду. З 1979 Рэчыцкі з-д маст. керамікі, з 2001 з-д «Рэчыцкая кераміка» выпускае гасп. посуд з ангобнай размалёўкай, арх. дэкар. тэракотавыя вырабы. Сярод майстроў А.​Варэнік, Н.​Грамыка, Р.​Быліна.

В.​Угрыновіч.

Рэчыцкая кераміка. Бытавы ганчарны посуд. 1980.

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)